Старажытныя прыватныя бібліятэкі на Беларусі

  Атмасферу духоўнага жыцця XIV–XVIII стагоддзяў немагчыма ўявіць і спасцігнуць, не ведаючы, што людзі той эпохі чыталі і збіралі, як складваліся іх кнігазборы – важкая частка спадчыны. Аблічча старажытнай прыватнай бібліятэкі адлюстроўвае агульную культуру тагачаснага грамадства. Многія прыватныя (родавыя) бібліятэкі на тэрыторыі Беларусі камплектаваліся стагоддзямі, перадаваліся ў спадчыну, распадаліся, перамяшчаліся, гінулі. Менавіта ўзнікненне кнігадрукавання спрыяла хуткаму росту прыватных кнігазбораў. Найбольш значныя ўласныя бібліятэкі старажытнай Беларусі належылі вялікім князям ці буйным магнатам.

  Першымі князямі ВКЛ, якія цікавіліся кнігамі, былі Гедымінавічы. Збіраліся кнігі пры двары князя Вітаўта (1352–1420). Знакамітую для свайго часу бібліятэку меў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр (1492–1506). Багатай калекцыяй таксама валодаў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт І Стары (1467–1545), некаторыя з яго рарытэтаў дайшлі да нашага часу.

  Найбольш поўна і шырока даследавана бібліятэка вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта ІІ Аўгуста (1545–1572). Пачатак збору – 1545 год. Жыгімонт Аўгуст закупляў праз сваіх пасрэднікаў літаратуру ў буйнейшых кнігагандлёвых цэнтрах Еўропы: Франкфурце, Лейпцыгу, Кёльне. У 1552 годзе яго кнігазбор налічваў да 1273 тамоў. Кнігі перасылаліся ў Кракаў, дзе перапляталіся ў скураныя пераплёты, а потым адпраўляліся ў Вільню на месца асноўнага фондасховішча бібліятэкі. Акрамя пакупак кнігі князю дарыліся. У яго зборы была, напрыклад, "Біблія" з уласнаручным подпісам самаго Марціна Лютэра, падараваная прускім кесарам Альбрэхтам.

  У 1572 годзе кнігазбор караля Жыгімонта ІІ Аўгуста складаў звыш 4 тысяч тамоў. Гэта была адна з буйнейшых бібліятэк не толькі ў ВКЛ, але і ў польскім каралеўстве. Мяркуецца, што бібліятэка была закрытай, бо доступ да яе мелі толькі прыдворныя Жыгімонта Аўгуста. Змест фонду бібліятэкі быў вельмі шырокі і разнастайны. Большая частка збору – друкаваныя кнігі на лацініцы. На кнігах Жыгімонта ІІ Аўгуста быў выціснуты суперэкслібрыс, на якім былі выявы гербаў ВКЛ і Каралеўства Польскага. Свае кнігі князь тэстаментаваў віленскім езуітам. Сёння ад калекцыі захаваліся толькі каля 300 тамоў, 21 з іх – у бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта.

  Кнігазборы меліся практычна ва ўсіх магнацкіх палацах. Найстарэйшай вядомай бібліятэкай дадзенага тыпу быў кнігазбор віленскага ваяводы і канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштольда. У яго калекцыі налічвалася больш за 70 друкаваных і адна рукапісная кніга на беларускай, лацінскай, польскай і чэшскай мовах. Спісы фонду датуюцца 1510 годам. Пра далейшы лёс бібліятэкі звесткі адсутнічаюць.

  У другой палове XVI стагоддзя фарміруюцца найбольш значныя на Беларусі кнігазборы, якія належалі Радзівілам. Прыватны кнігазбор меў Мікалай Радзівіл Чорны (1515–1565), маршалак земскі, канцлер вялікі літоўскі, ваявода віленскі, стараста брэсцкі, ковенскі, барысаўскі і г.д. Можна меркаваць, што кнігазбор меў пратэстанцкую накіраванасць. У 1563 годзе ён выдаў сваім коштам "Біблію". Месцілася бібліятэка ў брэсцкім замку. Перайшла да яго сына Мікалая Крыштафа Сіроткі (1549–1616), які тэстаментаваў "кнігі ... усе па тэалогіі і палітыцы старажытныя і нядаўна купленыя ... Яну, сыну майму і бібліятэцы замка Нясвіжскага і спадчыннікам ягоным, каб рассеяныя не былі". Нясвіжскі кнігазбор значна папоўніўся пры Мікалаі Кшыштафу Сіротцы. Пакупка кніг, выдадзеных у мясцовых друкарнях, друкарнях Польшчы і суседніх краін была асноўнай крыніцай камплектавання бібліятэкі.

  У XVI стагоддзі пачалі складвацца буйныя кнігазборы ў іншых уладаннях Радзівілаў, аднак асноўныя фонды былі сканцэнтраваны ў Біржах, Кейданах, Любчы, Клецку і Слуцку.

  Кнігі з бібліятэк Радзівілаў, асабліва Багуслава Радзівіла, здзіўлялі сучаснікаў сваімі шыкоўнымі аправамі з выціснутымі на іх залатым арнаментам і гербам, суперэкслібрысам. Па завяшчанню Багуслава Радзівіла ад 1668 года значная частка яго біржанскай бібліятэкі перайшла замкавай бібліятэцы ў Круляўцы (каля 500 тамоў), адкуль пазней трапіла ў мясцовы ўніверсітэт (Кёнігсберг).

  У 1772 годзе кнігазбор бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі быў вывезены ў бібліятэку АН Пецярбурга. Частка перададзена Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі, Маскоўскаму ўніверсітэту. Аднак бібліятэка не перастала існаваць. Яна ізноў пачала аднаўляцца і збіралася аж 1939 года. У 1940 годзе 20-тысячны збор Радзівілаў з Нясвіжа быў прывезены ў АН БССР. Да вайны фонд бібліятэкі так і не быў улічаны. У Беларусі рэшткі радзівілаўскіх кнігазбораў захоўваюцца ў НББ, ЦНБ імя Я. Коласа НАН Беларусі, Прэзідэнцкай бібліятэцы.

  Да найбольшых магнацкіх бібліятэк адносіцца і кнігазбор Сапегаў, які заснаваў Леў Іванавіч Сапега. Адным са шляхоў збору кніг у ВКЛ быў прывоз іх студэнтамі з-за мяжы. Так і Леў Сапега вучыўся ў Лейпцыгу, адтуль і прывёз кнігі. У 1630-х гадах яна налічвала звыш 3000 тамоў. Змест – юрыдычная і гістрычная літаратура, апісанні падарожжаў, кнігі па тэхніцы і механіцы, вайсковай справе і медыцыне, творы антычных аўтараў. Тэалагічнай літаратуры было няшмат. На кожнай кнізе была аправа з пазалочаным экслібрысам – выява герба Сапегаў "Ліс".

  У 50-70-я гады XVI стагоддзя дзейнічаў асветніцка-культурны гурток беларускіх магнатаў, у якім збіраліся прадстаўнікі заможных праваслаўных радоў дзеля развіцця нацыянальнай культуры. Члены гуртка – князь Юры Слуцкі, найвышэйшы гетман Рыгор Хадкевіч, Аўстафій Валовіч, пісар каралеўскі Міхал Гарабурда – абменьваліся кнігамі і ідэямі, падтрымлівалі некаторыя культурныя акцыі.

  У XIV–XVIII стагоддзях бібліятэкі мелі і прадстаўнікі іншых магнацкіх і шляхецкіх радоў, а таксама прадстаўнікі духавенства, навукоўцы і мяшчане. Сярод мяшчан гэта былі ў асноўным прадстаўнікі гарадской вярхушкі.

  У аснове фарміравання фондаў прыватных бібліятэк таго часу вызначыліся пэўныя тэндэнцыі адбору кніг. У складзе фондаў пераважала тэалагічная, філасофская, рэлігійная, гуманітарная, прыродазнаўчая і мастацкая літаратура, зборы з’яўляліся полілінгвістычнымі.